Традыцыйна штогод у школе праводзіцца тыдзень беларускай мовы і літаратуры, які прымяркоўваецца да міжнароднага Дня роднай мовы, што святкуецца 21 лютага. У бягучым навучальным годзе запланаваныя мерапрыемствы адбываліся з 15.02.2021 па 20.02.2021.
Распачаўся тыдзень акцыяй «Мая Беларусь», якая адбывалася з 8.00 да 8.30 у рамках школы. Праводзіў яе 11 «А» клас з настаўніцай Галанавай Т.М. Выпускнікі падрыхтавалі пытанні віктарыны пра знакамітыя мясціны зямлі беларускай, пра выдатных сыноў роднага краю. Удзельнічаць маглі ўсе жадаючыя, за правільна дадзеныя адказы гульцы атрымлівалі прызы — магніцікі з выявамі вядомых архітэктурных помнікаў або партрэтаў выбітных беларусаў. Інтэрактыўную гульню «Чароўны квадрат» правялі вучні 6 «В» класа са сваім класным кіраўніком Асіповіч А.А. У аўторак 16.02.2021 рабяты з 5 «Г» класа прынялі ўдзел у «Завочным падарожжы па Беларусі». На іх шляху сустрэліся шэсць станцый, дзе трэба было даць правільныя адказы на 5 пытанняў для таго, каб рухацца далей. Першы прыпынак сустрэў удзельнікаў пытаннямі на тэму прыроды Беларусі. Другі прыпынак называўся «Свет загадак і цудаў». Правільна адгаданыя загадкі далі магчымасць перайсці да наступнай станцыі «Знакамітыя людзі Беларусі», дзе гульцы сустрэліся з пэўнымі цяжкасцямі. З дапамогай класнага кіраўніка Галанавай Т.М. пяцікласнікі справіліся з заданнямі і рушылі на станцыю «Выдатныя помнікі архітэктуры». З лёгкасцю прайшоўшы дадзены этап, дзеці апынуліся на станцыі «Прамысловая вытворчасць». Хлопчыкі і дзяўчынкі паказалі дасведчанасць ва ўсіх пытаннях і атрымалі дыпломы.
Настаўнік Асіповіч А.А. з вучнямі 7-х класаў арганізавала паседжанне творчай студыі «Гасціннасць нашых продкаў» 17.02.2021. 5 «А» клас з класным кіраўніком Цэвялёвай В.У. правёў конкурс эрудытаў «Слова роднае — вечнасці след» 17.02.2021. Як звычайна, у чацвер 18.02.2021 адбыўся рэспубліканскі конкурс «Буслік» пад кіраўніцтвам настаўніка Літвінавай Л.В., у якім узялі ўдзел 60 вучняў нашай школы. Па традыцыі ў чацвер выйшаў святочны выпуск радыёчасопіса «Роднае слова». Вучні з розных класаў чыталі любімыя вершы беларускіх паэтаў на працягу перапынкаў. Конкурс ФЭСТ быў праведзены вучнямі 9 «Б» класа 18.02.2021 пры дапамозе настаўніка Асіповіч А.А. Выстава малюнкаў «Каляровая мова» праходзіла на перапынках 19.02.2021. Работы рыхтавалі вучні 6 «Г» класа з дапамогай настаўніка Літвінавай Л.В. Закрыццё тыдня было ў суботу 20.02.2021. А 10-й гадзіне ў актавай зале настаўнік Брадко І.М. правяла са сваім 9 «В» класам мерапрыемства «Музычная скарбонка». Гучалі беларускія народныя і аўтарскія песні, падлеткі праявілі свае творчыя здольнасці.
Калектыўная творчая дзейнасць па пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы і літаратуры садзейнічала павышэнню цікавасці моладзі да духоўнай спадчыны беларускага народа.
Кіраўнік МА
настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры
Т. М. Галанава.